Беларускі рэжым пакуль не ведае, як змагацца з распаўсюджваннем праз інтэрнэт непажаданай і некантраляванай інфармацыі. Але вельмі гэтаму хоча навучыцца.
Колькасць зваротаў грамадзянаў у пракуратуру з просьбамі прыцягнуць да адказнасці за распаўсюджванне ў інтэрнэце загадзя ілжывых выдумак вырасла неймаверна, паведамілі ў Генпракуратуры агенцтву «Інтэрфакс-Захад». І паскардзіліся на тое, што не могуць прыцягнуць зламыснікаў да адказу, нібыта, таму, што інтэрнэт не з'яўляецца СМІ.
Адказаць на скаргу Генпракуратуры Euramost.org папрасіў кіраўніка Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, экс-суддзю Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова.
--Ці не здаецца вам, што падобнымі заявамі Генпракуратура рыхтуе грамадскую думку да таго, што ўрад вернецца да разгляду пытання аб прызнанні інтэрнэт-сайтаў сродкамі масавай інфармацыі?
-- Для такой высновы маецца дастаткова падставаў. Меркаваць, што нейкія грамадзяне звяртаюцца ў пракуратуру з нагоды публікацыяў у інтэрнэце, прычым масава – гэта мне падаецца нерэальным. Можа, адзін-два выпадкі. І гэтыя выказванні нагадваюць мне пачатак шырокамаштабнай кампаніі супраць выкарыстання ў інфармацыйных мэтах. А усё з-за таго, што там распаўсюджваецца шмат нецэнзураванай інфармацыі, а таму і непажаданай для улады. Магчыма, скончыцца гэтая кампанія тым, што інтэрнэт-СМІ патрапяць пад прававое рэгуляванне. А ў цяперашні час інтэрнэт у Беларусі застаецца адзінай свабоднай інфармацыйнай зонай.
-- Патлумачыце далёкім ад журналістыкі людзям: што зменіцца пасля таго, як інтэрнэт прыраўняюць да астатніх СМІ? Журналісты працуюць там ў асноўным пад псеўданімамі, дамены знаходзяцца не ў зоне by. Што міліцыя ці спецслужбы могуць ім зрабіць, як прыцягнуць?
-- Кітай паказвае прыклад таго, як можна закінуць сетку ў моры інтэрнэту і сёе-тое вылавіць. А ў інтэрнэце могуць плаваць тыя шчупакі, якіх ўладам вельмі б хацелася вылавіць. І такая рыбалка цалкам можа распачацца. І для гэтага будуць выкарыстаныя пэўныя тэхнічныя сродкі. Хаця, вядома, інтэрнэт – гэта асаблівы выпадак і тут журналістаў, як у выпадку з іх калегамі з газетаў, радыё ці з тэлебачання, злавіць дастаткова складана. Псеўданім і аддаленасць размяшчэння даменаў гэтаму дапамогуць. Але сусветная практыка паказвае, што і ў гэтай сферы можна нешта прыдумаць.
Але хачу звярнуць увагу: нават паводле дзейснага закона «Аб СМІ» інтэрнэт аднесены да сродкаў масавай інфармацыі. Засталося толькі адпаведнае прававое рэгуляванне яго вызначыць -- у якой частцы будзе рэгулявацца распаўсюджванне інфармацыі праз інтэрнэт. Бо закідваць сетку ў моры Інтэрнэту на удачу – смешна. Таму ўлада хоча вызначыць правілы гульні, прыняць абмежаванні, папалохаць адказнасцю распаўсюднікаў інфармацыі. Можа, нават і крымінальнай. Карацей, уся прычына ў тым, што ўлада пакуль не ведае, як змагацца з распаўсюджваннем праз інтэрнэт непажаданай і некантраляванай інфармацыі. Але вельмі гэтаму хоча навучыцца.
-- І БАЖ, і большасць журналістаў, якія працуюць на інтэрнэт-сайты, выступаюць супраць рэгуляванні інтэрнэту. Але ёсць жа і тыя, якія хацелі б гэтага – гэта дасць ім магчымасць рэгістраваць свой сайт у якасці СМІ. Як быць з імі?
-- Сапраўды, ёсць і такія сайты ці парталы, якія хацелі б атрымаць легальны статус -- стаць СМІ. Думаю, улада пойдзе менавіта па гэтым шляху: спачатку прапануюць добраахвотна рэгістравацца па жаданні, а потым пачнецца кампанія па падштурхоўванні сайтаў і парталаў да рэгістрацыі, пагражаючы адключэннем ад інтэрнэту альбо забаронай на працу ў беларускім дамене. З'явяцца масавыя звароты грамадзянаў у пракуратуру з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці тых, хто не хоча рэгістраваць свае сайты. Euramost.org |